НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,
кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)